СІГІЗМУ́НД I (лац. Sigismundus, венг. Zsigmond, чэш. Zikmund; 15.2.1368, г. Нюрнберг, Германія — 9.12.1437),

імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» [1410—37], венг. кароль [1387—1437], чэш. кароль [1419—21, 1436—37]. Сын імператара Карла IV, апошні з дынастыі Люксембургаў. У 1387 у выніку шлюбу з дачкой венг. караля Лаяша Вялікага стаў венг. каралём. Узначаліў крыжовы паход аб’яднанага еўрап. войска супраць туркаў, разбіты тур. султанам Баязідам I. Адзін з ініцыятараў і ўдзельнікаў царк. Канстанцкага сабора (1414—18), санкцыяніраваў пакаранне смерцю Я.​Гуса, якому раней даў ахоўную грамату. Пасля смерці брата Вацлава IV (1419) атрымаў у спадчыну чэш. прастол, арганізаваў супраць гусітаў крыжовыя паходы (гл. Гусіцкія войны). У 1421 пазбаўлены чэш. прастола Часлаўскім сеймам, зноў абвешчаны каралём у 1436 сеймам у Іглаве. Сваім пераемнікам прызначыў аўстр. герцага Альбрэхта. Агульнае абурэнне ў Чэхіі палітыкай С. I прымусіла яго збегчы. Памёр па дарозе з Чэхіі ў Венгрыю.

т. 14, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)